Брама

– Перараблялі, аднаўлялі нашу брамку разы мо тры. Ці болей? Разы тры дык гэта дакладна.

– А навошта? – спытаўся я ў бабулькі Настассі. – З якой такой нагоды яе перараблялі? Вось, напрыклад, веснічкі – другая справа, заўсёды ў працы, у руху. Праз іх і чалавек, і жывёліна розная туды-сюды. А праз браму? Зачыніў яе, ды няхай сабе стаіць так.

– А вось у гэтым якраз, – адказала мая суразмоўніца, – уся і справа. Некалі і брама, як і веснічкі, заўсёды была ў працы. Заўсёды чалавек турбаваў іх. Ды не проста так, ад няма чаго рабіць, а па неабходнасці.

– Ну, напрыклад, – падштурхнуў я бабульку да ўспамінаў. – Калі можаце справы хатнія адкласці на хвілінку, успомніце, калі ласка, нешта з жыцця-быцця вашай брамкі.

– А чаму ж не? – з непадробным задавальненнем адказала тая. – Не ў дзялцы буракі церабіць. Пагутарыць, ведаеш, справа няцяжкая. Прысядзем, калі пажадаеш, вось тут.
– Дровы з лесу – таксама праз брамку. Разам з вазамі дроў у двор прыходзіў таямнічы, чароўны водар лесу. Водар грыбоў, імхоў, суніц і лясных кветак. А торф калі прывозілі! У адчыненую браму з вуліцы насоўвалася вялізная гара бліскучых цёмна-рудых брыкецін. Насілі кошыкамі ўсе, і пад вечар самі ўсе былі рудыя, як той торф. А як старэйшыя сёстры выходзілі замуж, ці як следам брат ажаніўся… Сватоў прымалі, вясельнае шэсце – толькі праз браму! Вазы, коней прыбіралі, збрую ўпрыгожвалі брызготкамі, стужкамі. А як прыбяруцца, строі розныя з куфраў дастануць! Нават дзяцей апраналі як лялек нейкіх. Брама была адчыненая насцеж мо тыдзень. Бо яшчэ і пасля вяселля прыходзілі ці прыязджалі шматлікія сваякі, суседзі, вяскоўцы. Як такое забудзецца? Трошкі, канешне, сумна, што цяпер не так часта і не так людна. Але ж во я пагляджу, дык маладыя хочуць усё часцей і часцей вяселле адгуляць так, як бацькі іх і бабулькі. Нехта мо і кажа, што гэта мода – пройдзе. А я мяркую інакш. Мода не мода, а цікавасць з'явілася. Бо гэта наша спадчына, гісторыя, нашае людское багацце. І брамкі, я ўпэўненая, будуць усё часцей адчыняцца на ўсю шырыню, на ўсю сваю шчырую гасціннасць. Мо і я, глядзі, яшчэ, старая, кілішак кульну ды станьчу лявоніху. Пакажам маладым, што мы яшчэ не промах, што мы яшчэ не толькі на прызбе, як каты, грэцца ўмеем.

Уладзімір ЦВІРКА
– Здавалася, я заўсёды, – пачала бабулька Настасся, – сустракала бацьку, калі той вяртаўся з сенажаці, што далёка за вёскай. Бегла насустрач, гукала, бо вельмі радавалася, што зноў яго ўбачу. Бо, як звычайна, дарослыя: бацькі, браты старэйшыя – на сенакосе днявалі і начавалі па тыдні тры ці нават болей. Бацька згінаўся, хапаў мяне за руку і лёгка закідваў на капу сена на возе. Я тут жа раскідвала рукі, падала ў духмяны водар траў і глядзела, як па неабсяжным блакітным небе навыперадкі беглі за нашым возам аблокі. І я была тады ўпэўненая, што яны зайздросцілі мне, як мне шанцавала за шырокай, надзейнай спінай бацькі таксама плысці на капне сена па прасёлкавай дарозе, па брукаванай вясковай вуліцы. Калі бацька спыняў каня, значыма, мы ля нашай брамы. Выбягала маці і найперш пыталася пра мяне, дзе ж гэтае дзіцё, дзе дачушка, якая толькі што пабегла сустракаць бацьку. Бацька, вядома ж, адказваў, што не сустракаў мяне, не бачыў. Маці пляскала ў далоні, падыгрываючы яму, і праз смех ускрыквала: "Няўжо згубілася наша шчасце. Трэба неадкладна, тут жа бегчы шукаць гарэзу!" У той жа момант я ўсхоплівалася на ногі і гучна крычала: "Вось, не ўбачыла мяне, не заўважыла! А я тут, у гары, так высока, амаль ля самага неба". Маці зноў пляскала ў далоні, і цяпер ужо не жартуючы, прасіла бацьку, каб той трымаў мяне бо сапраўды высока, бо небяспечна…
І пачалі бруіцца кранальныя ўспаміны, як невялічкая ручаінка, якая неўзабаве зліваецца з больш буйным ручаём, а той у сваю чаргу ўпадае ў паўнаводную і імклівую раку. Так і ўспаміны старэнькай Настассі з кожным новым словам раслі, разрасталіся, множыліся новымі падзеямі і цікавымі здарэннямі, як дрэва голлем. На дзіва, аповед бабулькі быў не тое-сёе, а як буйное, шматграннае апавяданне, якое без цяжкасці можна было б ператварыць у дакументальны ці мастацкі твор. Слухаў яе, і яшчэ і яшчэ раз дзякаваў лёсу, што ён даруе мне вось такія сустрэчы, на першы погляд такія звычайныя. Але кожная такая сустрэча як неацэнная, чароўная скарбонка, да накрыўкі запоўненая яскравымі, непараўнальнымі, незабыўнымі імгненнямі з жыцця мілай нашай глыбінкі.