«Калядныя цары» в Семежава

Капыльскі аграгарадок Семежава, куды завітаў у чарговую вандроўку, збірае ў калядныя дні аматараў народных традыцый. Яны едуць, каб пагля­дзець і паўдзельнічаць у цікавым абрадзе, які штогод ладзіцца 13 студзеня. Карані яго вядуць у пачатак мінулага стагоддзя, калі ў мястэчку стаяла царскае вой­ска. Зімовым часам вайскоўцы дзеля забавы пераапраналіся ў цароў, сялян, казачных герояў і цешылі народ гумарыстычнымі выступленнямі. Гаспадары адорвалі іх пачастункамі.

Калі ваенныя пакінулі вёску, тутэйшыя падхапілі і дапоўнілі дзеянне святкавання. Назвалі абрад «Калядныя цары». З часам ён заціх, а затым і знік. Чвэрць стагоддзя таму завядзёнку аднавілі.
Дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку Таццяна Шаура і мастацкі кіраўнік Юлія Стрэлкіна, з якімі сустрэўся, рас­ка­залі, як распытвалі ў ста­ра­жы­лаў пра абрад. Каб зай­мець пастаянныя касцюмы для ўдзельнікаў, зладзілі фестываль, на які запрасілі кіраўнікоў грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы». Сталічныя госці дапамаглі сродкамі на пашыў касцюмаў. «Каляднымі царамі» ў святочны вечар становяцца тутэйшыя мужчыны. Яны пераапранаюцца ў белыя строі, на грудзях крыж-накрыж мацуюць чырвоныя семежаўскія паясы з традыцыйным арнаментам. На галовах — высокія шапкі, упрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі. Акрамя галоўных ге­рояў дзеяння Максіміляна і Мамая, гурт дапаўняюць Дзед і Баба, Лекар, Музыка, Барабаншчык, Механоша і іншыя персанажы. Як толькі звечарэе, яны адпраўляюцца ад Дома культуры па аграгарадку. Крочаць ад падворка да падворка і разыгрываюць гісторыка-рэлігійную драму «Цар Максімілян» з «батальнымі» сцэнамі, сакрэтамі народнага лячэння. Калі зусім сцямнее, успыхваюць паходні і шэсце працягваецца.

Права стаць "калядным царом" сёлета атрымаў сталічны студэнт Ігар Рамашка, які на свята прыехаў дамоў. Разам з ім у царскіх строях будуць віншаваць землякоў аграном гаспадаркі Яўген Ігнатчык, будаўнікі Ула­дзі­мір Літвін і Аляксандр Пар­чанаў, жывёлавод Аляксей Шаш­ноў, слесар Яўген Кухарэнка, механізатар Сяргей Кіеня. Акрамя дарослых у абрадзе ўдзельнічае і дзіцячы гурт, дзе роля "каляднага цара" выпала дзесяцікласніку Мі­ха­ілу Брагіну. У святочны дзень аграгарадок чакае замежных гасцей, мінчан, жыхароў райцэнтра, навакольных вёсак.
У начальніка аддзела ідэ­ала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі Капыль­скага райвыканкама Ларысы Юхо пацікавіўся пра перспектывы Се­ме­жава. Ларыса Міхайлаўна ўпэў­нена, што ўключэнне аграгарадка ў Дзяржаўную праграму развіцця малых населеных пунктаў дасць плён.

Плануецца будаўніцтва жылля. Узводзіцца мураваная царква. Прыходам кіруе айцец Павел Брагін. Прыехаў ён з Літвы і застаўся тут. З матушкай Анжэлай выхоўваюць пяцярых дзяцей. Дзяржава фінансава дапамагла шматдзетнай сям'і пабудаваць дом. Моладзь купляе старыя дамы і ўзводзіць на іх месцы катэ­джы. За мінулы год абноўлена восем пабудоў. Пашыраецца, прыгажэе аграгарадок будучага, дзе ўмеюць шанаваць старыя звычаі.

Уладзімір Субат
Фота Наталлi Дабрабыт
Видэа Паўла Кузьмiна i Сяргея Дужа
У Семежаве гасцей народнага абраду "Калядныя цары", які ўключаны ў спіс нематэрыяльных культур­ных каштоўнасцей ЮНЕСКА, частуюць прыгатаванымі па спецыяльных рэцэптах юхай, мачанкай, блінамі, саладухай, варэнікамі і бульбяным пюрэ, зап­раў­ле­нымі макам, аўсяным кісялём, бураковым квасам, клінковым сырам, запечанымі яблыкамі. Аддзел культуры Капыльскага райвыканкама выдаў для турыстаў буклет з апісаннем прыгатавання такіх страў.

Гасцей чакаюць і ў раённым Цэнтры ткацтва, куды прывяла мяне вандроўка. У светлых пакоях былога калгаснага музея ўстаноўлена шэсць драўляных станкоў, на якіх вырабляюцца посцілкі, ручнікі, сурвэткі, абрусы. Кожны жадаючы пад наглядам вопытных майстроў можа праверыць і свае здольнасці.
Кіраўнік цэнтра Таццяна Волкава ўзгадала, як шукалі па вёсках кросны. Два станкі атрымалі ад жыхароў Семежава. Яшчэ два купілі ў суседняй вёсцы Праснакі і два заказалі ў старадарожскіх майстроў. За чатырнаццаць гадоў дзейнасці званне народных атрымалі сем майстрых. На нашых вачах адна з іх — Вера Нікалаевіч — стварала за кроснамі чарговы шэдэўр. За суседнім станком мудрагеліла над узорам пояса Наталля Сафронава, якая працуе тут майстрам-метадыстам. Ткацтвам захапіла свайго сына Данілу. Юнак сёлета заканчвае сярэднюю школу. Хочацца спадзявацца, што не расстанецца з унікальным заняццем. Пяцёра хлопчыкаў і дзевяць дзяўчынак у гуртку ткачоў.

Лоўка вырабляе паясы дзе­ся­ці­гадовы сын дырэктара цэнтра Раман Волкаў. Летась ён стаў ла­ўрэатам рэспубліканскага фестывалю рамёстваў "Вясновы букет".

Гонар Семежава — Герой Бе­ла­русі Міхаіл Высоцкі, імя яко­га прысвоена вучэбна-пе­да­га­гічнаму комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа. У родным доме слыннага земляка дзесяць гадоў таму адчыніўся музей. На ўрачыстасць прыязджаў Міхаіл Сцяпанавіч. Цікава было пазнаёміцца ў музеі з жыццёвым шляхам сялянскага сына, які ўзняўся да сусветных вяршынь славы.

Паўстагоддзя ён працаваў на Мінскім аўтазаводзе. Пад яго кіраўніцтвам створана сямей­ства аўтамабіляў МАЗ. Практыч­ную дзейнасць Міхаіл Сцяпанавіч спалучаў з навуковай. Абараніў кандыдацкую і доктарскую ды­сер­тацыі. З 1992 па 1997 год працаваў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. Кіраваў навуковымі ўстановамі машынабудавання. Яго імя ўнесена ў спіс 5000 выбітных навукоўцаў ХХ стагоддзя.

52.960706, 27.002468
Где это?
Семежево

Копыльский район, Минская область