Дарогі

Дзед Яўхім імкнуўся не паказваць сваё здзіўленне, але ўсё ж у рэшце рэшт ён здаўся і, з лагоднай усмешкай адклаўшы свае паўсядзённыя справы, запрасіў у свой даволі сціплы невялічкі садок, які толькі тут, каля двара насупраць хаткі, і захаваў сваю асаблівую ўтульнасць і прахалоду, якая была да месца ў гэты даволі спякотны летні поўдзень. Сярод дзвюх нахіленых адна да адной, раскірэчаных з часам яблынь стаяў невялічкі, збіты з дошак стол, а паабапал яго размясціліся хісткія, але даволі шырокія і зручныя для сядзення лаўкі з таго ж матэрыялу з невысокімі спінкамі.

– Нечакана, скажу я табе, нечакана. Ды мне тут шмат хто надакучваў, расказаць пра што прасілі і мясцовыя жыхары, і іншыя наведваліся, казалі, што з краязнаўчага музею. З горада былі. А як жа. Да мяне толькі і накіроўваюць. Са старэйшых мо я на вуліцы нашай адзіны і застаўся. А пытанні? Ды хоць пра што. Як рэчы хатнія ці прылады працы называюцца, як імі карыстацца. Пра час ліхалецця ў гады вайны, пра партызанаў нашых. Нават такія заглядвалі да нас, што бралі як правадніка – да дзотаў правесці, якія яшчэ ад Першай сусветнай захаваліся. А вось пра дарогі каб хто… Не. Ты першы будзеш, хто з такім пытаннем звярнуўся.
– А ведаеш, аж самому цікава будзе ўспомніць ды пагутарыць пра такую на першы погляд даволі звычайную, але неабходную рэч – дарогі. Часам і пра іх успамінаюць, ды і тады пытаюцца толькі, як праехаць ці прайсці у тым ці іншым кірунку. А так… Але ж калі такое пытанне ёсць, чаму б не паспрабаваць ды не распавесці. Сядай, каб зручней, вось садавіна, трошкі ягады нейкай, спрабуй ды слухай.

– Пра тыя, што былі? Пра усе? Тады пачынаць, мабыць, трэба з галоўнай, той, якая ў сяло бяжыць і на тым канцы з яе наўпрост цераз Кругліцы да гасцінца шыбуе. Казалі, з яе ўсё і пачалося. Тут недзе зусім даўно карчма стаяла. Ці то там, дзе цяпер каплічка, ці бліжэй да краю, дзе цяпер хатка Гэлькі Курдуновай. Дык вось, карчмар той першы хату сваю пры дарозе і паставіў. Ці то ад прозвішча яго, ці то ад мянушкі назва вёсачкі нашай і пайшла. І гэта табе цікава? Ну, калі так, то далей слухай. А ля каплічкі, ну, якую я ўжо згадваў, туды, на палі калгасныя некалі яшчэ да вайны прасыпалі. Да хутароў бліжэйшых дарога гэтая ляжала. Добрая была, уезджаная. Хутарскія, скінуўшыся, на падводах навазілі жвіру ды пяску перад восенню, каб дажджы яе палілі, асадзілі. Добрая дарога была, гладкая. У сярэдзіне шасцідзясятых, калі хутароў не стала, узаралі яе. Калі вясной прыгледзецца – святлейшая палоска і сёння на раллі бачная. Захавалася яшчэ даўнейшая дарога да пасек, да Жукавых лугоў. Сенажаці сакавітыя там, і цяпер хто кароўку мае ці казу – там падкошвае. А раней, уяві, дарога была ў чатыры каляіны, як двум вазам з сенам размінуцца. А цяпер яна амаль нябачная у траве бліскае. Бо праязджае па ёй мо вазы два-тры за год цэлы.
Распавёў мне яшчэ стары Яўхім пра сцежку да стаўка, праз ручай па кладачцы. Пра дарогу да чыгункі, па якой туды-сюды дачнікі бегаюць. Пра самую родную яму дарогу, непрыметную такую, палявую, якая ў яшчэ адну вёсачку суседнюю вяла.

– Адтуль Хрысцінка мая была. Я па ёй і сёння ў сне бегаю, нават пачуцці тыя ж, ведаеш, усплываюць, быццам на самой справе ўсё паўтараецца. Я так разумею, што яно ад адзіноты гэта ўсе, бо ўжо я тры гадкі без Хрысцінкі сваёй, без Сцяпанаўны…

Уладзімір ЦВІРКА
– Далей. Тая дарога, што з выганаў, што пад пагорак ды з яго каціцца, таксама яшчэ нядрэнна вяскоўцамі выкарыстоўваецца. Яна ў нас да ягад ды грыбоў. У асноўным па ёй пехатою. Бо там за пагоркам мо за вярсты дзве не болей бор стаіць. Ягад там!.. Сваёй садзіць не трэба. Не лянуйся толькі. Суніцы – носу ад жбанка не адарваць. А чарніцы назбіраць ды з малаком ці з аладкамі. Вось калі ўлетку прыедзеш – абяцаю пачаставаць. Ну, да двара калгасная дарога зусім кароткая, але ў асфальце. Во яшчэ дарога да суседняй вёскі. Там школа пачатковая, драўляная на чатыры групкі, яшчэ з польскага часу стаяла. Што туды, што назад гуртамі хадзілі. Усяго было! Ой, усяго! І спрэчак па дарозе, і боек дзіцячых. З вёскі суседняй нагнаць нас сабраліся, адлупцаваць, значыць. Ды мы адразу ўсе аб'ядналіся ды так насыпалі ім. Мо і цяпер памятаюць. Агульная небяспека – яна згуртоўвае, знаеш. Цяпер не ведаю як, а раней ці падчас вайны, ці пасля яе людзі разам адным гуртам і маглі выжыць, адбудавацца, гаспадаркі падняць. А цяпер. Вунь платы. З жалеза. А ад каго? Ці ж такія платы раней былі? І чалавека ўбачыць, павітацца. За гэтым жалезным ні твару, ні "здрасьце". Але ж… Кажуць што да мінулага вяртацца не трэба, навошта?. Можа, недзе і згодзен. Ды у будучыню з гэткай агароджай? Не ведаю, не ведаю…