Дзверы

Тоўстыя былі тыя дзверы і вельмі-вельмі цяжкія. Калі ўпотайку і спрабаваў я іх адчыняць, то атрымлівалася гэта даволі рэдка. Бо, калі бацькі не было дома, ці ён займаўся нечым па гаспадарцы, дзверы заўсёды трымаліся на замку. І не таму, як потым высветлілася, што за імі знаходзілася нешта надзвычай каштоўнае ці сакрэтнае – не. Пра мяне малога клапаціліся. Каб не параніўся, не пашкодзіў сабе нешта, калі б патрапіў у сусвет, які пачынаўся адразу па той бок дзвярэй. Вось менавіта ён, той самы сусвет, і вабіў нястрымна да сябе, цягнуў мяне за вушы.

На першы погляд, здаецца, усё было вельмі звычайным: за дзвярыма, у апошняй прыбудове да стадолы, знаходзілася невялічкая бацькава майстэрня. Вядома ж, і для самога бацькі, і для ўсіх астатніх хатніх, яна ўспрымалася як нешта само сабой зразумелае, у рэшце рэшт, нават неабходнае. Так было для ўсіх, але толькі не для мяне. У мроях маіх, у маім наіўным дзіцячым ўяўленні за тымі дзвярыма існаваў таямнічы, чароўны, страшна цікавы сусвет.
Нейкі час мне забаранялі наведваць майстэрню нават тады, калі там працаваў бацька. Сёння я з упэўненасцю магу растлумачыць такія абставіны толькі адным – клопатам пра маю бяспеку. Карацей, вучылі мяне бацькі самастойнасці, смеласці, вучылі мець сваю асабістую кропку гледжання на тую ці іншую жыццёвую сітуацыю, і адначасова абаранялі мяне пільна, як тое птушаня, трымаючы пад сваім крылам.

Дык вернемся да дзвярэй. Пры ўсім тым яны яшчэ і выглядалі надзвычай цікава, нават прыгожа. Аснова іх была збітая са звычайных шырокіх дошак, якую цясляр некалі аздобіў дэкаратыўным ромбам з больш вузкіх і тонкіх дошак. Нават цвікі, якімі ромб быў прымацаваны, выглядалі не як звычайныя. Шырокія іх плешкі мелі грані і выглядалі, пакрыўшыся ад часу зялёным налётам, як каштоўныя каменьчыкі, толькі што не блішчэлі.

"Вось заўваж, – бывала, казаў мне дзядуля, праводзячы далонню па паверхні дзвярэй, звяртаючы маю ўвагу непасрэдна на плешкі цвікоў, – як па-майстэрску, з душой, людзі раней адносіліся да сваёй справы. Кузня некалі стаяла там, не беразе сажалкі. Каваль у ёй працаваў, з мясцовых. Дарэчы, дзядуля твайго сябра Лёнькі. Віртуоз з сваёй справы. Пластылінам у яго руках станавілася жалеза…".
"Прымячай, вучыся спачатку вачыма, – раілі мне дарослыя. – Рабі ўсё без спешкі, бо ад спеху толькі болей смеху. Заўважай, якой прыладай якая праца выконваецца, будзь асабліва ўважлівы з вострымі рэчамі".

Вядома ж, і рэзаўся, і калоўся, але што гэта было ў параўнанні з тым, што я бачыў, адчуваў, якую меў неверагодную магчымасць быць у майстэрні, нешта там, спачатку па-дзіцячаму, майстраваць.

Здавалася, нават самі дзверы і тыя неяк асабліва сталі адносіцца да мяне. Не такія яны былі ўжо і цяжкія. І завесы іх не проста нудна рыпелі, а быццам сваім асаблівым гучаннем віталі мяне, запрашалі зайсці ў майстэрню, як дарослага.

Уладзімір ЦВІРКА
Прыкладна тады, калі мне споўнілася недзе год дзесяць, мо крыху болей, забарона наведваць майстэрню непрыкметна была знята. Я яскрава памятаю той незабыўны момант, калі бацька паклікаў мяне нешта патрымаць. Дапамагчы я імкнуўся вельмі старана, каб задаволіць яго, каб паказаць, што я ўжо далёка не малы, што нешта, хай сабе і не такое важнае, магу зрабіць не горш, напрыклад, за дзеда, які не прамінаў прыйсці следам за мной, стаяў наводдаль, назіраў, ці спрытна спраўляецца яго ўнук. А пасля, у двары, нягучна мяне падбадзёрваў: "Як бачу, ужо падрос памочнік. Бацьку ды мне, глядзі, куды лягчэй будзе".

Дзверы і далей трымаліся на замку але цяпер я меў дазвол браць вялікі ключ, які вісеў на вушаку ў сенцах, самастойна адмыкаць замок і з неверагодным задавальненнем адчыняць дзверы у той па-ранейшаму казачны і пакуль яшчэ таямнічы сусвет. Ну, а калі там працаваў бацька ці нешта майстраваў дзед, я з майстэрні не вылазіў. І калі сябрукі клікалі на рэчку ці да стаўка, ганарліва адказваў: "Не, я ў майстэрні сёння, дзядуля прасіў дапамагчы".