Ганак
Даволі складана было так адразу сказаць, хто каго болей дапаўняў: ці ганак – стары сад, ці стары сад – крыху падоўжаны, прыбудаваны да тыльнага боку хаты ганак. Безумоўна, сад быў нашмат большы за абмежаваную прастору ганка. Старыя дрэвы саду, у асноўным яблыні, вольна раскінулі ўва ўсе бакі свае пакручаныя, часам замшэлыя галіны. З усіх бакоў сад абступалі платы, але і яны не маглі спыніць жаданне галін расці, цягнуцца, куды ім хочацца, і кідаць сваё лісце ды яблыкі далёка за платы, у суседнія агароды ці ў густыя травы вузенькіх завулкаў. Што датычыцца ганка, то ён, нават калі б хацеў, не мог кудысьці пасунуцца, памкнуцца. Менавіта тут, на гэтым месцы, збудаваў яго чалавек, і стаяць яму тут столькі, колькі наканавана лёсам. Ды ганак зусім і не жадаў спаборнічаць з садам наконт таго, хто каго тут дапаўняў. Ён проста меў вялікую асалоду быць хоць невялічкай часткай свайго суседа. Столькі пражыўшы разам, яны, пэўна, пачалі разумець адзін аднаго, размаўляючы на адной мове гукаў і рухаў, зразумелых толькі ім патаемных знакаў. Яны знаходзіліся ва ўласным свеце, ля сцен цёплай хаткі, у межах адной невялікай вясковай гаспадаркі.
Але так было не заўсёды. Што тычыцца саду, то ён не мог існаваць у іншым абліччы, як не садам. А вось ганак. Пры другім збегу акалічнасцей ён мог стаць не тым, чым стаў. Ён мог быць не ганкам, так-так.
Вось з гэтага моманту майго аповеда хай сабе гучыць ціхая гаворка гаспадыні, якой належаў і гэты стары сад, і ганак, ды і ўсе астатнія дробныя ды буйныя пабудовы, агароды і двор, пакуль яшчэ поўны ўсялякай жывёліны ды хатняй птушкі.
– Калі па сакрэце, – пачала бабулька Уладзя, – дык толькі мой ганачак ды яшчэ ўспаміны пра майго Сцяпанку падтрымліваюць мяне на гэтым свеце. І не глядзі, што мне гадкоў столькі. Нешта тут старая выдумляе, думаеш. Памяць у мяне яшчэ – пахваліцца можна. Злічу, што мне патрэбна, без аніякай дапамогі. Чытаю хоць толькі патроху, але без акуляраў. Вось толькі рука правая не трымае, што ў яе вазьму. Але ж левая ёсць. Усё, што неабходна – ёю…
Дык мы пра ганак. І сапраўды, ён мог быць верандай. Мой Сцяпанка пачаў яго будаваць менавіта як веранду. Падмурак моцны. Камяні з поля збіраў, на возе пасля працы прывозіў. Пад ганкам, паглядзіш потым, адтуліна ёсць, туды, у глыб. Для сабакі, ну, як будка, разумееш? Потым падлога пайшла. Дошкі тоўстыя – мо на мае пальцы тры. І сёння не рыпяць. Толькі вось ля парога прасела адна нешта, прагнулася ці што. Вядома ж, снег, бывае, ці дождж сюды засякае. Потым слупы пайшлі. На іх і дах, пад стрэшку хаты. Усё як належыць. Ад падлогі, паміж слупамі, дошкамі шчыльна абабіта. Я, памятаю, кіравала, каб не высока…
Ведаеш, назаўтра прадала я тыя рамы. Яны і цяпер стаяць у людзей. Палічыла той сон за знак, калі хочаш. Што ганак лепей, што рамы замінаць толькі будуць, не пускаць сюды наваколле: сад, гукі розныя, святло, пахі кветак і усё, што так нагадвае мне пра яго, што вяртае мяне зноў і зноў у тое не такое і далёкае для мяне, кароткае і шчаслівае мінулае, дзе мы былі разам… Вельмі павольна гушкаючы бліжэйшымі да ганка галінамі, сад быццам ківаў у знак згоды са словамі сваёй гаспадынькі. Кідаючы сваё апошняе лісце ў пажухлыя травы і на старую падлогу ганка, сад, безумоўна, цешыўся, што хоць так можа дакрануцца да свайго даўняга сябра, да ганка, і да маленькай, хударлявай постаці бабулькі. Дзякуючы ёй і яе сну сад можа без усялякіх перашкод быць побач, літаральна працягні руку, чуць чалавечую гутарку, як умее, саграваць ды лашчыць і гэтую невялічкую, крыху падоўжаную прыбудову да тыльнага боку хаткі, і саму бабульку Уладзю. А яна на працягу ўсяго свайго жыцця адчувала гэтае цяпло ўсім сваім сэрцам.
Уладзiмiр ЦВIРКА
– Як ведаў, мой любы, спяшаўся… Бо неўзабаве грымнула яна, вайна, значыць, праклятушчая, каб яе немач. На тым будоўля веранды і прыпынілася. Абяцаў, сэрцайка, як вернецца – дык за яе адразу возьмецца. А выйшла бач як…
Маўчанне цягнулася мо хвіліну, не болей. Я больш пільна разгледзеў старую Уладзю, якая, як падалося, каб супакоіць сябе, каб не заплакаць, пачала дробненька перабіраць маленечкімі пальцамі вышыты сціплымі кветачкамі старэнькі фартух. Ледзь прыкметна ківала галавой, прыжмурыўшы вочы, ды глядзела ў глыбіню саду, а мо і нашмат далей. Здавалася, у гэты момант, яна размаўляла з некім, лёгка пераадольваючы час і адлегласць.
– Два гады, мо трохі болей, – працягвала бабулька, – веранда так і стаяла недаробленая. Усё чакала, як і я… А я і цяпер чакаю. Гэта, ведаеш, маё права, тут мне ніхто не перашкодзіць. І няхай сабе лічаць мяне… гэта ўжо іх права. Ну, дык вось. Урэшце вырашыла давесці справу, як планавалася. Нават рамы са шклом замовіла, іх зрабілі і ў двор прывезлі. І ў тую ж ноч сон такі. Як быццам сядзім мы са Сцяпанкай удвух, як быццам ён мяне і не пакідаў. Сядзім тут вось, як мы цяпер, і моўчкі глядзім у сад. Нам неверагодна добра, утульна, толькі мы ўдвух і вакол сад у квецені, у паветры спевы птушак і… фарбы, як быццам вясёлка вакол нас…