Кладачкі
Прадаўгаватае возера з пакатымі берагамі цягнулася ўздоўж вёскі амаль ад канца да канца. Насупраць, бадай, кожнай гаспадаркі над вадой віднеліся кладачкі. Не ўсе яны выкарыстоўваліся для рыбалкі. На тых кладках, якія былі бліжэй да берага, жанчыны, сышоўшы па сцежцы ўздоўж агарода ці садка, спрытна мылі ды паласкалі бялізну, адзенне, палавікі, фіранкі ды іншыя вырабы з тканіны. Бывала, што і посуд ад сажы ды прыгару адшароўвалі. Перагукваючыся з суседкамі, нешта абмяркоўвалі, дзяліліся навінамі. Пад вечар дык і песню разам зацягнуць маглі. Плылі яе словы па азёрным люстэрку аж на той бераг, дзе павольна заціхалі, заблытаўшыся ў чароце.
Калі нейкі шчаслівец выцягваў з вады трохі больш ладнага карася ці, бывала, шчупака, з суседніх кладак шыбавалі да яго дапытлівыя іншыя рыбакі. Нехта, аж з вёскі пачуўшы ці ўбачыўшы сходку ля кладачкі, мог кінуць сваю працу па гаспадарцы і спусціцца да берага ці проста гукнуць з агарода: "Пакажыце, хлопцы, пакажыце, і мне ж цікава… Во, глядзі, дык неблагая рыбіна! Даўно ўжо ніхто такой не падымаў…".
Мяне ж зацікавіла кладачка, якая віднелася ў канцы возера, там, дзе з яго выцякала рэчка, якую мясцовыя жыхары называлі неяк вельмі ласкава. Назву ўжо забыўся, бо часу прайшло шмат, а запісаць адразу чамусьці не давялося. Пачынаючы свой бег ад возера, рэчка нагадвала хутчэй сціплы ручай, і здавалася, што і глыбіні там – мо і па калена не будзе. Але гэта было далёка не так. Ложа рэчкі выглядала як вузкае карыта, але глыбіня месцамі была амаль па пояс, а дзе і больш. Мала гэтага – берагі рэчкі былі абрывістыя і даволі высокія, а бліжэй да вады дзякуючы глею ды пяску да таго ж і гразкія, у імгненне вока зацягвалі ногі. Таму кладачка, падпёртая некалькімі дубовымі слупкамі, была перакінутая цераз вадзяную перашкоду з гэтага берага аж на супрацьлеглы, бо перабегчы на той бераг без яе было ну ніяк.
Адзін з цікаўных мясцовых жыхароў, убачыўшы, што нехта незнаёмы круціцца ля кладачкі, фатаграфуе, уважліва яе разглядае, падышоў да мяне. Павітаўшыся, пачаў нетаропка свой допыт: хто такі, адкуль і па якой патрэбе завітаў у гэтыя мясціны. Разгаварыліся. Зацікавіла яго тое, што я здымаю асаблівасці вясковага асяроддзя: хаты, гаспадарчыя пабудовы, калодзежы, ну і так далей. Вось і цяпер я звярнуў увагу на звычайныя кладачкі, якія абавязкова можна знайсці там, дзе чалавечае жытло стаіць блізка да возера ці ракі. У першую чаргу ўспрымалася кладка як зручнае прыстасаванне, як дапаможнік, напрыклад, пры рыбнай лоўлі. А яшчэ – як цікавая неад'емная частка вясковага ландшафту. А тое, што кладачкі па сваім выглядзе неверагодна разнастайныя, і казаць не трэба.
Прайшоў па кладачцы туды-сюды, на сярэдзіне нават падскочыў некалькі разоў. А каб дошка нейкая варухнулася! Моцная і надзейная пераправа.
– Што чалавек для яе – аднаго і не адчуе, – прагучаў дзядулеў голас з берага. – Яна і воз, і сані вытрымае. Праўда, парожнімі, але і тое добра. На кірмаш ці на Вялікдзень да сваякоў зручна ехаць. А мо глядзі восенню Серафім свайго коніка ў аглоблі – ды да сватоў. Дай жа божа, бо неўзабаве мо і новая сям'я з'явіцца. А што гэта значыць? А тое, што вёска жыць і далей будзе.
Уладзімір ЦВІРКА
– А як жа без кладачкі, – працягвае размову мой новы знаёмы. – Асабліва калі возера плыткае па берагах. На мялі толькі малеча грэецца. Дробязі цемра – аж па нагах казычуць. За буйнай рыбай трэба туды, дзе трохі глыбей. Вось тут без кладкі і не абысціся. Канешне, і ў вадзе можна стаяць. Гэта калі нехта з горада завітае: у ботах па пуп стаіць, як бусел – смешна. А вясковыя толькі з кладачкі і вудзяць… Прыдумаў яе, на маю думку, рыбак, няйначай. Шкада, што яго імя недзе ў цемры вякоў, а можа, і тысячагоддзяў заблукала. Здаецца на першы погляд – гэта проста: чатыры слупкі ці нават проста добрыя калкі забіць у азёрны іл. Ну і зверху кладзі сабе хоць фанеру, хоць дошкі – карацей, што з дому можна знесці, калі непатрэбнае, ці пакуль ніхто не бачыць. А калі, напрыклад, майструеш кладку недзе ў лесе, дык там яна цалкам з жэрдак, бо матэрыялу па берагах колькасць незлічоная. Дык вось, здаецца, проста, але не кожны, павер, змог бы яе змайстраваць. Тут і сякерай умець трэба, і пілой, ды і цвік трапна забіць трэба. Бывала, няўмека нейкі адважваўся паспрабаваць пабудаваць кладку. Дык толькі на яе ступаў хаця б адзін чалавек, яна небяспечна нахілялася – ды кулялася разам з ім у ваду. А калі восенню ці вясной ў халодную ваду – тут і да хваробы недалёка.
– А, во, яшчэ ўспомнілася. Гасцяваў тут у нас дзівак адзін, зяць нечы ці хто. Дык да хлопцаў падышоў да мясцовых, калі тыя гэтую кладку толькі будаваць пачалі. Слухайце, кажа, навошта гэта вам кішкі свае рваць ды яшчэ і задарма. Калектыўную заяву напісаць, калі што, дык і дапамагу. Ды і хай сабе калгас ці другая якая ўстанова для народа пастараецца, кажа. І ведаеш, адмахнуліся мы ад яго, ад слаты такой. Відаць, не ад зямлі чалавек, не разумее, што нешта і самому трэба рабіць. А вяскоўцы б і не зразумелі той справы. Не ўсё паперкай вырашаецца, ды і з якой такой нагоды? Дзяржаўныя сродкі – вось сюды. А мы, бач, сабраліся зранку талакой, а ўвечары ўжо Серафімаў гулёна пабег на той бераг… Бачыў я дзяўчыну, да якой ён бегае. Дык неблагое дзяўчо, ды і людзі кажуць, што каля маткі пры любой справе… Пастараліся бацькі, навучылі. Гаспадынькай будзе…