Крыж паклонны
Першы жыхар гэтай вёсачкі, хто трапіўся на вочы, быў прыкладна майго ўзросту, можа, трохі маладзейшы. Ён дзелавіта корпаўся ля студні, мяняючы стары, месцамі добра падгніўшы драўляны калаўрот. На зямлі побач ляжаў навюткі, яшчэ не распакаваны ланцуг. Стары ж ланцуг, іржавы, дзе-нідзе перавязаны такім жа іржавым дротам валяўся тут жа, ля ног.
Маё пытанне, ці стаіць яшчэ на палявой дарозе, недзе за кіламетр ад вёскі, драўляны паклонны крыж, трошкі збянтэжыла мужчыну. Растлумачыў, што ён тут у чыне "зяця", жонка яго адсюль, вось з гэтай хаты.
– А цешча з цесцем гадкоў ужо пяць як адышлі ў свет лепшы. Гаспадары былі… двор на зайздрасць заўсёды быў, поўны што на скацінку, што на птушку хатнюю. А ў доме… з жонкай і цяпер прытрымліваемся таго парадку, які пры яе бацьках быў, – расказаў ён. – А што наконт крыжа, – успомніў мужчына пра пытанне, – дык лепей суседку, бабульку Янінку спытаць. Яна вунь праз вуліцу, у сваім агародчыку. Раней за мяне ўстала, прыходзіла глядзець, што я тут ляпаю зранку… Яна тут мо самая старая. У каго, калі не ў яе… Падыдзеш?"
Убачыў, што старая, пачуўшы нашу гаворку, ужо ўглядаецца, моцна прыжмурыўшы вочы – мясцовы я ці аднекуль здалёк завітаў.
Прывітаўшыся і выслухаўшы маё пытанне, адказала не адразу. Зачыніла шчыльна за сабой веснічкі, выйшла на вуліцу, прысела на шырокую ўкапаную лаўку, папляскала па ёй рукой, запрашаючы прысесці побач і мяне.
Гаворка пайшла трохі весялей, калі старая даведалася, што я з суседняй вёскі, якая тут непадалёк, за невялічкім пагоркам у бок старога шляху. А пачуўшы, што я Верцы Высоцкай сынам даважуся, зусім узрадавалася. Як высветлілася, яна з маёй матулькай за польскім часам хадзіла ў адну пачатковую школу.
– А крыжык стаіць яшчэ пакуль. Але ж надта пакасіўся, бедненькі. Была каля яго мінулай восенню… Мо ўжо і долу ляжыць. Трэба Сяргейку сказаць, – яна махнула рукой у бок двара насупраць, адкуль я толькі што выйшаў, – хай на ровары згойсае, бо ў гэтым годзе я ўжо не хадок на такія адлегласці
А далей пацяклі ўспаміны пра той крыж у полі.
– Мабыць, маці твая, нябожчыца, не горш за мяне ўспомніла б, як мы яго ўсёй вёскай за адну ноч на тым месцы ўсталявалі. Можаш уявіць сабе? За адну ноч! А напярэдадні вестка цяжкая маланкай абляцела ваколіцы – вайна! Усе як ёсць мужчынкі ды хлопцы старэйшыя павесткі атрымалі – рушыць на світанку наступнага дня на чыгуначную станцыю, бліжэйшая што адсюль. На фронт, значыць, нашых родненькіх, цягнік павязе.
Асвяцілі, малебен адслужылі і – яшчэ сонца не ўстала – усе ля крыжыка сабраліся. Дзетак і тых маленькіх пабралі на рукі. Здавалася, сама зямелька плакала разам з намі і нават сонца не хацела падымацца, каб не бачыць столькі гора чалавечага…
Бабулька плакала і цяпер. Амаль нячутна, закрываючы твар ражкамі старэнькай выбеленай сонцам і часам хустачкі, толькі ўздрыгвалі плечы.
– Аднавіць бы крыжык, – выціраючы рукамі вочы, як быццам саромеючыся і просячы прабачэння, сказала яна. – Але ж… занятыя ўсе, ва ўсіх справы свае, свае цяжкасці.. А да крыжа, кажуць, у гэтым годзе нават сцежку зааралі. Па раллі хто туды таптацца будзе?.. А ў мяне сілы мо толькі што на агародчык і засталося.
Уладзімір ЦВІРКА
Не памятаю ўжо, ці гэта святар з храма мясцовага, ці хто са старэйшых жыхароў вёскі прапанаваў, за ноч да ранку крыж паклонны збудаваць ды ўсталяваць пры дарозе на скрыжаванні, ад якога нашы крывіначкі, памаліўшыся з тымі, хто іх выпраўляць будзе, хто застаецца чакаць іх нягледзячы ні на што, на чыгунку накіруюцца, а адтуль у пекла, значыць, вайны праклятушчай.
Здавалася, што ніхто ў тую ноч не спаў. Хіба толькі дзеткі, малыя якія зусім. І працавалі пад гутарку ціхую, пад малітвы, а недзе і пад песні, часам сумныя, развітальныя, абрадавыя. Спявалі і маліліся, маліліся і працавалі. Хто кросны збіраў ды наладжваў, хто па чарзе за імі працаваў, хацелася ўсім па кропельцы свайго смутку, любові сваёй укласці ў справу такую святую. Маладзейшыя дзяўчаткі крыжык на ручнічку вышывалі, ды вяночак вакол яго. Па кветачцы хто, па лісціку. Гэтая праца жаночай ды дзявочая. А мужчынкі з хлопцамі за пілы ды сякеры – ды да лесу. Усё як належыць: ашкурылі дубок, загаблявалі, засеклі гнёзды ды пазы. Калі прыгледзецца, на крыжы цвікоў жалезных няма – на драўляных трымаецца і сёння. Ручнічок, вядома ж, мянялі да нашага часу некалькі разоў, а вось сам крыж яшчэ той, першапачатковы.