Лес

А што для нас лес? Як мы яго ўспрымаем, уяўляем, калі не побач з ім? Па-першае, гэта неверагодна чароўная частка прыроды: непаўторнае асяроддзе, чыстае, нават лекавае паветра, мноства фарбаў, ценяў, пахаў. Пералічваючы ўсё гэта, недзе там, у глыбіні душы, зразумеў, што тое, пра што я зараз падумаў, гэта толькі невялічкая частачка неабсяжнай з'явы, што ўяўляе сабой лес. Зразумеў я і нешта яшчэ. Каб адказаць на гэтае, здавалася б, нескладанае пытанне, што для нас лес, трэба неадкладна паехаць туды, дзе лес існуе побач з чалавекам і кожны дзень – менавіта кожны дзень – пастаянна кантактуе з ім, амаль жыве агульным з чалавекам жыццём.

І зноў – куды, як не ў нашу любімую і паважаную вёсачку, ляжыць наш шлях, наступная наша вандроўка. Вядома ж, выберам тую, якая бліжэй за ўсё размясцілася да такога цікавага суседа, як лес. Дарэчы, такіх вёсачак на абшарах краіны большасць, а гэта яшчэ раз пацвярджае, што лес мае для нас нашмат большае значэнне, чым толькі частка прыроды.

Ну вось, напрыклад, гэтая вёсачка – лепей шукаць і не трэба. Калі паглядзець на яе з вышыні птушынага палёту, то адразу выразна бачна, як лес ахінае гэтае сярэдніх памераў паселішча з трох бакоў, як быццам абдымае яго двума вялізнымі, цёмна-бірузовымі крыламі. Казалі, што некалі з чацвёртага боку стаяла векавая дуброва. А цяпер у гэтую адкрытую прастору выцякае вельмі сціплая рэчка Жацераўка, несучы свой танюсенькі вадасцёк да магутнага паўнаводнага Нёмана.
А вось і мой добры знаёмы дзядуля Лявон, які займаўся тым, што падграбаў старое лісце ў невялічкім садку і тут жа ў зацішку каля пахіленага плота яго спальваў. Сівы дымок павольна цягнуўся амаль празрыстай стужкай да загумення, а адтуль у нізінку да лужка, які збягаў аж да берага той самай Жацераўкі. Паветра было яшчэ не надта прагрэтае сакавіцкім сонцам, і калі трохі пастаяць без руху, можна было адчуць спінай яго прахалоду. Разумеючы гэта, стары адразу ж ветліва запрасіў мяне ў маленькую, але вельмі ўтульную і цёплую хатку. І сапраўды, цеплыні ў ёй было столькі, што захацелася распрануцца, вызваліцца з цяжкай і вялікай курткі – што я неадкладна і зрабіў.

На талерцы ляжала некалькі тоўстых аладак з яешняй і пахучымі шкваркамі, у гліняным кубку чакаў гарачы кампот з сухіх яблык і чарніц. Што яшчэ трэба і чаго яшчэ пажадаць тут і зараз? Задавальненне ахінула мяне, як той лес вёсачку сваімі крыламі. Здавалася, што нават тут, у хатцы старога Лявона, можна было адчуць яго надзейнасць і пяшчоту.

– Дык што для вас лес? – звярнуўся я з хвалюючым мяне пытаннем да гаспадара хаты.

Нечакана, адразу, здаецца, не задумаўшыся, той адказаў:

– Лес – гэта наш абаронца, памочнік і кармілец. Ты прыглядзіся пільней да ўсяго, што нас акружае. Ад лаўкі на вуліцы, платоў, пабудоў да таго цяпла, якое бароніць нас ад самых лютых халадоў, якое сыходзіць ад дроў. Гэта ўсё лес. А ў хаце, азірніся – лавы, стол, палічкі, прылады, посуд, у каморцы рэчаў цемра, у сенцах, на двары ды ў пуні. Што мы без лесу? Калі ўсё гэта, пафантазіруем, вярнуць лесу, апынуліся б мы адразу без даху, пад небам чыстым, адны-адзінюткія. Ну, тое-сёе, канешне, засталося б, але гэта дробязі, з імі доўга не пратрываеш. Але да ўсяго таго, што лес нас дазволіў выкарыстаць, мы прызвычайваемся і пачынаем лічыць, што так яно і павінна быць. Губляем самае галоўнае – удзячнасць, забываемся, каму за наш дабрабыт абавязаныя. Ці потым мы лесу дзякуем? Вось і я пра тое, што не.

Увесь час, колькі слухаў дзядульку і калі потым пісаў гэты тэкст і ўспамінаў пра нашу з ім гутарку, вельмі хацелася слова "лес" напісаць з вялікай літары. Хоць у канцы зраблю гэта. Наш абаронца, памочнік, кармілец, неверагодна чароўная частка прыроды – Лес! Табе пашана, удзячнасць і паклон да зямелькі самай!

Уладзімір ЦВІРКА
– Глянем на лес з другога боку, – працягнуў дзядулька, – як на кармільца. Ягады, грыбы адкуль? Птушка, звер лясны – мяса, футра ці не з яго ўладанняў? А зёлкі, кветкі лясныя – гэта ж лекі, настоі, напоі. Больш ніадкуль як толькі з лесу яны, непаўторныя.

– Але з цягам часу пачалі мы забываць, як і колькі варта браць, забываць, што лясныя багацці не бяздонныя. Сёння чуваць ужо і ў газетах, і па радыё – і таго звера згубілі, і тая птушка знікла, і тая расліна ці дрэўца пад аховай, бо толькі кропелька з той скарбонкі і засталася. Вось-вось і яе згубім. Браць у лесу можна, але трэба памятаць кожную хвілінку, колькі патрэбна браць, каб не нашкодзіць, каб і нашым нашчадкам засталося. Ну ці не пагодзішся са старым, ці я лішняе кажу?

– А абаронца для чалавека лес чаму? А ізноў жа прыглядзіся. З якога боку ад вёскі лес стаіць? З самага халоднага. Не так халады працінаюць вёсачку, хаты нашы ды і самога чалавека. Вятры ў асноўным таксама з таго боку. Як шугане! На сябе ўдары стыхіі лес першы прымае. Вунь гадкоў з дваццаць таму быў, о, такі віхор! Дрэў мо гектараў з паўсотні вываліла, паламала, як запалкі. Каб не лес – дзе бы нашы пабудовы былі? Усе ў конаўцы-Жацераўцы. Канешне, і да вёскі тая немач дабралася, пару стрэх зняла. Але ж моц у яе была ўжо не тая. Галоўныя сілы пайшлі на бойку з лесам – абаронцам нашым.