Студня

Першае, што зрабiў, калi прыехаў у гэтую вёсачку, — пайшоў да блiжэйшай студнi паспытаць вадзiцы мясцовай, пра якую хадзiлi чуткi, што... Смаката! Ад конаўкi не адарвацца... Выцягнуў вядро i ўпэўнiўся, што так яно i ёсць.

Студня i смак вады з яе паднялi ў памяцi маёй шчымлiвыя ўспамiны пра тое, як мне пашэнцiла самому ўдзельнiчаць у будове калодзежа. I пакуль пераязджаў я з гэтай вёсачкi ў суседнюю, гэтыя ўспамiны з майго юнацтва яскрава паўсталi перад вачыма.

...Лiтаральна пралятаючы па вулiцы нашай вёскi на ровары, пачуў ужо ў спiну: «Як бачу, дык паўдня хлопец нiчым не заняты. Можа, лепей замест пустога гойсання на сваiм драбчаку дапамог бы старому, цi што...»

Гэтыя словы адправiў наўздагон мне наш сусед праз дзве хаты, дзед Серафiм. Я паабяцаў, што абавязкова забягу i дапамагу, калi патрэбна, толькi зараз злётаю да цёткi Ганны за падсiткам — мацi папрасiла. Хвiлiнка туды, назад, i вось я каля лаўкi суседа.
«Дык я пра што, — перайшоў адразу да справы дзед Серафiм, — у полi горача цяпер, мужчыны ды хлапчукi старэйшыя ўсе там. Быў у мяне памочнiк да ўчарашняга дня, ды брыгадзiр прыстаў, як слата, не адкруцiшся — яго на стагаванне забраў. Не, я разумею... Але ж аднаму як калодзеж капаць? Не налазiшся. Ты ж, вiдаць, ведаеш, я ў Стэльмахаў старую студню перарабляю. Яшчэ дзве рукi трэба пазарэз. Я поўныя вёдры класцi не буду. Не чую! Згодзен? Ну тады добра. А да тваёй маткi сам падвячоркам зайду, бо без яе дазволу, сам разумееш, куды ж мы з табой...»

Прыйшоў з клуба я позна, i калi цiхенька прабiраўся мiма бацькавага ложка, пачуў: «Заўтра да Серафiма... прасiў, адказаць нельга... Рана падыму».

I вось пасля снедання я, у латаных портках, у гумавiках, у старой бацькавай куртцы, iду ў Стэльмахаў двор. Дзед ужо там. Блiжэй да варот ляжаць кругi з цэменту, дошкi, два старыя слупы, рэшты ланцугоў. А непадалёк ад калодзежа ў кучы валялiся дубовыя плашкi ад папярэдняга зруба — чорныя, як смоль, дзе-нiдзе ў зялёным iмху. Калi я падышоў блiжэй, убачыў i саму калодзежную шахту, над якой стаяла нязграбная трынога з тоўстых бярвёнаў з калаўротам, на якiм выразна блiшчэў ланцуг з драўлянай балеяй. Прывiтаўшыся, дзед Серафiм прапанаваў на крыху прысесцi, сказаўшы: «Перад працоўным днём трэба пасядзець».

«Усёй той справы, — быццам суцяшаў ён мяне, — круцi калаўрот, падымай зямлю ды выкiдвай у тую кучу i мне назад вядро падавай. Перасцерагаю — апускай яго павольна, слухай, пакуль голас не падам, а тады яшчэ цiшэй, глядзi, каб не забiў мяне, старога. Ну ўсё зразумеў? Не складаней, як ваду... толькi павальней. Тады рушым. Стомiшся — скажы. Яблык з'ясi з саду — i зноў за працу».

I ён пералез на вяровачную лесвiцу i знiк з вачэй. Калi недзе з-пад зямлi пачулася «апускай», я павесiў вядро над ямай i пачаў асцярожна падаваць яго ўнiз, моцна сцiскаючы ручку корбы.

I сапраўды, дзядулька не грузiў поўнае вядро, i падымаць было не так цяжка, але ўжо ў другой палове дня балелi рукi i спiна, нешта калола ў рэбрах, калацiлiся ногi. А на пытаннi дзеда, цi я стамiўся, адказваў як мага бадзёра: «Чаго гэта я стамiўся? Я ж не малы...» I зноў, i зноў круцiў корбу, падымаючы зямлю.

Праца скончылася толькi тады, калi з пашы да хлявоў пацягнулiся сытыя каровы i ў вёдры зацыркалi струменьчыкi духмянага малака...

Мы нерухома сядзелi пад адчыненымi вокнамi дзедавай хаты i моўчкi глядзелi ў сад, якi напаўняўся вечаровым змрокам. «Мыйце рукi i iдзiце ў хату», — пачулася з акна. «Як жа мне падабаецца гэты заклiк маёй Палiнкi», — цiха прамовiў стары Серафiм, але працягваў нерухома сядзець i далей. Не падхоплiваўся i я. Куды ж мне наперад дзеда.

Уладзімір ЦВІРКА