Веранда

Нічога такога асаблівага і мудрагелістага ў верандзе старых Цімошкаў не было. Выглядала яна даволі звычайна. Невялічкая, з трыма выцертымі, абабітымі нагамі невысокімі прыступкамі і трохі перакошанымі ад часу вузкімі дзвярыма. Карацей, усё ў ёй было проста і звычайна. Можа, менавіта гэтая самая прастата і звычайнасць былі тым непрыкметным сакрэтам, які вабіў да сябе, у якім бы куточку заўсёды дагледжанай і ўпарадкаванай гаспадаркі маіх суседзяў ты ні знаходзіўся. Прапаную, сябры паважаныя, больш уважліва прыглядзецца да гэтай сціплай прыбудоўкі, разгледзець яе ў дробязях.

Усе тры бакі веранды, напалову аздобленыя шклянымі рамамі, глядзелі ў сад, двор ды частку агародаў. Здавалася, на працягу ўсяго дня веранда, як ні дзіва, была залітая святлом, якое завітвала да яе зранку і заставалася да вечара, пакуль сонца не скачвалася за стрэхі бліжэйшых гаспадарчых пабудоў і не знікала канчаткова за вершалінамі старога бору, які ляжаў уздоўж неглыбокага празрыстага ручая і поля, густа засеянага канюшынай.
Але спякотна на верандзе не было дзякуючы заўсёды адчыненым дзвярам, нізка пасаджанай страсе і саду, які кідаў на хату і на шыбы веранды амаль празрыстыя цені. Ну і, вядома ж, дзякуючы фіранкам бабулькі Юстынкі. Старыя яны былі, але заўсёды чыстыя і адпрасаваныя. Трошкі падсіненыя, яны сваёй белатой надавалі яшчэ больш святла. Само паветра зіхацела ад іх і набывала лёгкасць і нават нейкую святочнасць. Здаецца, нават сцены, абабітыя вузкай шалёўкай і пафарбаваныя ў блакітны колер, праціналіся гэтым святлом і пашыраліся, даючы яшчэ большую прастору ўсім, хто меў шчасце сюды завітаць. Так, проста выпадкова завітаць, напрыклад, на аўсяны кісель з тоўстымі жоўтымі пернікамі, якія, са слоў гаспадынькі, толькі што выкаціліся з печы.

Гаспадары любілі непасрэдна на верандзе з нейкай асаблівай урачыстасцю частаваць гасцей рознымі хатнімі прысмакамі, ператвараючы гэтае дзеянне ў асаблівы рытуал. Пачыналася ўсё з пернікаў, далей магла падавацца місачка верашчакі з кавалачкамі каўбаскі, следам — неверагоднае духмянае печыва з манны і вішнёвага варэння, якое так толькі старая Юстынка і магла прыгатаваць, абыдзі ты хоць усю вёску.
Усе імкнуліся на веранду. Нават цыбатыя вяргіні, нагнуўшыся над прыступкамі, шчаміліся сюды сваімі жоўтымі шарамі. Пляскалі па шыбах крыламі матылі. Павольна поўзала па нечым салодкім аса.

— Ты б змахнуў яе, ці што, — праходзячы са двара ў хату, казала бабулька.

— А навошта? — адказваў дзед, павольна нешта дажоўваючы. — Яна ж мяне не чапае. Няхай сабе…

Нібыта мала было гэтай мернасці, гэтага зацішша на самой верандзе ды ад яе гаспадароў, дык яшчэ і вечар непрыкметна цёк сюды аднекуль, пяшчотны і лагодны.
«Няхай сабе...» — паўтараліся ў яго плыні словы старога Цімошкі. Бо тут, на верандзе, месца, паветра, цяплыні і святла хапала ўсім.

Уладзiмiр ЦВIРКА
Невялічкі стол стаяў справа ад дзвярэй і заўсёды быў нечым застаўлены. Штосьці прыбіралася, але нешта іншае тут жа займала вольнае месца. Калі посуд знасіўся на кухню, на стале нешта майстраваў гаспадар. Ішоў ён на двор — бабулька кідала ўсё дзедава пад лаўкі і займалася на стале сваімі хатнімі дробязямі. Дзед злаваўся, на што Юстынка спакойна адказвала, што яе рэчаў пад лавай не бывае, бо яна іх сама прыбірае.

Вельмі любіў стары сядзець побач, калі бабулька нешта вышывала. Назіраў за рухамі, за пальцамі, якія спрытна валодалі іголкай, выкладаючы на тканіне яшчэ адзін крыжык ці шывок. Павольна цякла гаворка пра родных і знаёмых. Не абыходзілася без вясковых баек. А калі Юстынка пачынала ціхенька спяваць, дзядуля нячутна прытупваў нагою і час ад часу нешта падцягваў голасам, падобным да гудзення тоўстага чмяля.

Нерухома, як мяккія цацкі, ці побач, ці пад лаўкамі сядзелі каты. Сыходзілі яны толькі тады, калі на веранду падымаўся стары сабака, які лажыўся ўздоўж парога. Усе з павагай абыходзілі яго, не пераступалі. Ведалі, што такога рабіць нельга.