Веснiчкi
Здаецца, што магло быць такога незвычайнага ў гэтых звычайных вясковых веснiчках. Дастаткова непрыкметных, маленькiх, бывае, вузкiх, нават у нейкiм сэнсе празрыстых, змайстраваных лiтаральна з некалькiх штыкецiнак. Але ж Андрэйка ўспрымаў iх зусiм па-iншаму. Для яго яны ў першую чаргу былi як надзейны сябра i абаронца.
Прастора вулiцы вёскi, а можа, нават i ўвесь свет вакол хлопчыка дзялiлiся на дзве часткi, розныя па насычанасцi падзеямi i здарэннямi. Частка свету, якая раскiнулася за веснiчкамi, нават крыху палохала Андрэйку. Яе разнастайнасць, бязмежнасць, iмклiвасць руху i змена падзей былi незразумелымi яму, здавалiся небяспечнымi, таму свет за веснiчкамi насцярожваў i нават крыху пужаў хлопчыка.
А вось па гэты бок веснiчак, у двары, такiм родным, знаёмым, усё падавалася iншым. Прастора двара вакол хаты i гаспадарчых пабудоў, сад ды агарод - лiтаральна ўсё, куды накiроўвалiся тут маленькiя дзiцячыя крокi, было звыклым, зразумелым, адкрытым, нават суцяшальным. Тут малому заўсёды было ўтульна, зацiшна i надзейна, i пакiдаць гэты абмежаваны свет у першы час зусiм не хацелася. Гэта быў ягоны свет, ягонае асяроддзе, у якiм хлапчук адчуваў сябе кiм заўгодна, толькi не баязлiўцам.
I веснiчкi, здаецца, выконвалi самую галоўную i важную справу - абаранялi гэты маленькi свет двара, захоўвалi недатыкальнасць, непарушнасць яго спакою ад той пакуль незнаёмай, незразумелай прасторы, якая бязмежна разляглася па другi бок веснiчак.
I маленькi Андрэйка на дзiва добра гэта разумеў, адчуваў сваёй дзiцячай душой. Вяртаючыся з вулiцы i шчыльна - i абавязкова на клямку - зачыняючы за сабой веснiчкi, адразу адчуваў ціплую палёгку i ўтульнасць, надзейнасць двара, i яму адразу хацелася бегчы да самага ганка хаты, яшчэ здалёк агукаючы мацi цi бацьку, каб, пачуўшы iх галасы, супакоiцца яшчэ болей, яшчэ болей адчуць, што ты абаронены, агорнуты ласкай i цяплом, як нiхто на свеце...
Iдучы з цягнiка па прасёлкавай вулiцы да роднай вёскi, той самы Андрэйка - цяпер ужо дарослы мужчына Андрэй Пятровiч - з нейкiм неверагодна салодкiм шчымлiвым пачуццем у сэрцы ўспамiнаў свае дзiцячыя гады, бацькавы куточак пасярод бязмежнай прасторы ваколiц пад такiм блакiтным i высокiм-высокiм небам.
Iшлося лёгка, недзе нават з подбегам. Здавалася, калi трошкi мацней адштурхнуцца ад зямлi - паляцеў бы над усёй гэтай неабсяжнасцю ў бок, дзе, прытулiўшыся да невялiчкага садку, у зацiшку разлапiстых кустоў бэзу i язмiну стаяла такая маленькая i ўтульная бацькоўская хатка.
I ўжо цяпер тут, на дарозе, адчувалася цяпло, пяшчота i шчырасць, з якой прытуляць i абдымуць "роднага нашага Андрэя Пят...". Не - "роднага нашага Андрэйку!". Неверагодна доўга будзе стаяць ён у матулькавых абдымках, адчуваючы на плячах яшчэ моцныя далонi бацькi. Яму б i самому заплакаць. Схаваць твар у духмяных матчыных валасах... I маўчаць...
Хутчэй стукала ягонае сэрца: нашто ты так павольна iдзеш, чаго марудзiш, чаму не ляцiш? Адштурхоўвайся, Андрэйка, ляцi проста ў абдымкi...
Яшчэ мацней заплюшчыўшы вочы, яшчэ мацней абдымаючы, тулiў Андрэйка да сябе гэтыя дзве маленькiя родныя iстоты...
А за iмi, за гэтымi трыма постацямi, якiя цяпер ўяўлялiся нечым цэлым i неверагодна кранальным, як мага цiшэй зачынялiся тыя самыя веснiчкi. Яны таксама былi шчаслiвыя, недзе нават задавалiся, што першымi сустрэлi таго самага хлапчука, адчулi на сваёй клямцы цяпло яго пальцаў, удыхнулi новы, незнаёмы пах горада ад яго адзення. I толькi позiрк той жа - уважлiвы, цiкаўны, вочы тыя ж - адкрытыя i па-дзiцячаму даверлiвыя i шчаслiвыя.
Уладзiмiр ЦВIРКА