Вокны паддашкавыя

Калі Сцёпка прыязджаў з горада і ўдосталь нагаворваўся з бацькамі, ён заўсёды – так некалі склалася і ўжо нават ператварылася ў традыцыю – у той жа вечар абавязкова захадзіў да суседзяў, да старых Лявончыкаў – дзеда Ахрэма і бабулькі Зоські. Так адбылося б і ў гэты восеньскі, яшчэ не надта цёмны ды халодны вечар, але прыхварэла маці. Яна не адпускала Сцёпкаву руку і гаварыла, гаварыла, літаральна аб усім, перахопваючы дыханне, як быццам баялася, што яна прыпыніцца, а сын устане ды збяжыць некуды да сяброў, а з імі разам да клуба, ці пойдзе адведаць, як звычайна, суседзяў.

Сцёпка адчуваў гэта і не адпускаў матчыны рукі, яшчэ сам пяшчотна лашчыў іх, суцяшаючы, казаў, што сёння ён застанецца дома, з бацькамі, і будзе сядзець ля яе так доўга, як ёй захочацца…

– Ой, яшчэ б трошкі паспаў, – заклапочана сказала маці, калі Сцёпка падхапіўся амаль адначасова з бацькам, толькі-толькі ў вокнах заблішчэў ранак. Пасядзеўшы зноў крыху ля хворай, пайшоў дапамагчы бацьку па гаспадарцы: нацягаў з калодзежа вады, прынёс ў сенцы некалькі ахапак дроў, падмёў вуліцу ля веснічак… Устала да стала маці, разам паснедалі.

– Да Лявончыкаў зайдзі ж, – нагадала яна. – Дарэчы, старая Зоська таксама злегла. Мы з ёй на пару. У агародзе да поцемкаў стаяла пасля дажджу, ды і вецер быў нейкі сцюдзёны. Ляжыць цяпер. Яек возьмеш, смятанкі, масла трохі. У іх жа няма. Трымаць кароўку – гады ўжо не тыя. Рады будуць… А як жа, яны ж адны. Мы ж суседзі, амаль у адным двары жывём.
Ранак! Як казалі старыя – божы ранак, светлы ранак! Заліваюцца над ваколіцай пеўні, дрынчаць ля студні вёдры, перабрэхваюцца сабакі, там-сам гучаць галасы вяскоўцаў. Поўніцца гукамі і суседскі двор. Старыя-старыя, а бач, таксама ўжо па гаспадарцы тупаюць. У двары быў толькі дзед Ахрэм.

Шчыра ўзрадаваўся стары, абняў хлопца. Прыселі на дубовыя калодкі ля сцяны невялічкай пуні. Спытаўшыся пра тое-сёе, не прамінуў дзед і паскардзіцца.

– Во, бач, стары – а як малады. У ложку мне б яшчэ трохі паварочацца – дык не… Бачыш, вунь на верстаку габлюю. Мая які ўжо дзень, як сноп, ляжыць. А енчыць, патрабуе, каб вакенца паддашкавае ў шчыце змайстраваў, прыгажэйшае, чым у каго. Ну вось, са скуры лезу, каб дагадзіць. Бо хворая ж, бачыце – не турбуй, не пярэч. Як дзіцё малое, далібог! А я? Куды мне ўжо.. не тыя рукі. Вось раней… А з чаго ўсё пачалося? Калгас нам дах адрамантаваў, а заадно і франтоны перабіў. Старое вакенца адразу вывалілася. Яму, як і хаце, гадкоў, о-о… Хлопцы з брыгады адразу ў штыкі: не, мы такога не ўмеем, адчапіся, стары, падзякуй і за гэта. Хацелі дошкамі наскрозь. Дык Зоська пачула, кажа: "Вы шчыліну пакіньце, а мой – майстра яшчэ той, вы яму не раўня. Такое змайструе, колькі жыць будзеце – дзівіцца не кінеце". Бач, памятае, як дрэва ў руках маіх… Неблагая ў мяне, ведаеш, кабетка… Зайдзі, зайдзі, яна табе абрадуецца.
Тым вечарам Сцёпка нікуды не пайшоў. Зноў цякла гаворка з бацькамі, нетаропка, сардэчна.

– Стары Ахрэм акно паддашкавае новае зладзіў. Прыгожае, – падзяліўся навіной хлопец. – Ішоў да хаты – зірнуў і на наша. Неяк усё не даводзілася, успрымалася як звычайнае… Яно ў нас таксама прыгожае, можна пахваліцца. А хто нам яго рабіў?

– Бацечка і рабіў. Ой слухай, а як справа была… – пачала маці.

– Вось толькі не трэба тут сыну выдумляць, – усміхаючыся, перабіў яе бацька. – І не на такім моцным я быў тады падпітку…

Ручаінаю цякла гаворка, недзе весела, недзе з сумам.

– Засумавала я па табе, сынку. Не ведаю, чаму, але ў мінулы тыдзень – як ніколі, – казала маці. – Як выпадзе час, не лянуйся… парадуй нас старых. Нам нічога асаблівага не трэба – толькі б цябе зноў убачыць… Хоць на капяліначку, але каб побач…

Уладзімір ЦВІРКА
І сапраўды, бабулька аж прысела на ложку… Разгаварыліся.

Старая зірнула ў акно, праз якое віднеўся амаль увесь двор, пуня, ды Ахрэм пад навесам, сцішыла голас.

– А ведаеш… Чаго цяпер ужо хаваць гэта? Скажу. Ведаеш, – яна амаль перайшла на шэпат, – з паддашка праз вакенца, тое, што рассыпалася… малая я яшчэ была… За суседскім хлопчыкам употайку назірала. Саромелася, бо ён быў гадкоў на сем, можа, трохі болей, за мяне старэйшы. А калі ажаніўся, плакала вельмі… і болей ніколі не падымалася туды, на гарышча. А твар яго малады і сёння памятаю. А Ахрэм… ён мяне сваёй весялосцю зачараваў… ды і гаспадар! А рукі – золата. За што ні возьмецца – як быццам век гэтым займаўся… Цяпер толькі больш пануры стаў, два-тры словы за дзень ад яго чую, не болей. Але ж, відаць, адгаварылі мы сваё, адгаравалі.

Выйшаў Сцёпка ў двор, калі дзядуля прыладжваў вакенца з драбінак да шчыліны ў шчыце.

– Ты далей адыдзі, зірні, ці роўна… Бо мая ж устане, калі што не так – дзятла не трэба, сама задзяўбе…