Вясковая вуліца
Як успрымала нас – вясковых дзяцей і падлеткаў – вуліца? Мабыць, як усіх астатніх жыхароў вёскі. Толькі як нейкіх больш дробных, у большасці сваёй з босымі нагамі, заўсёды падрапанымі, з сінякамі ды са стрэмкамі. Больш гарэзлівых і нястрымных у рухах істот, якія невядома адкуль з'яўляліся і ў той жа момант невядома куды знікалі. Ставілася да дзяцей, можа, стрымана, цярпліва, заўсёды даруючы нам, свавольнікам. Карацей, успрымала нас вуліца так, як успрымалі нас нашы бацькі, родныя, можа, суседзі, ды і ўсе астатнія дарослыя. Але ж як і бацькі любілі і шанавалі нас, так і вуліца наша вясковая, родненькая адносілася да нас з пяшчотай, бараніла, ахоўвала, як магла.
Вядома ж, цяпер пра гэта можна, як заўгодна фантазіраваць, марыць. З упэўненасцю можна разважаць толькі пра нашы адносіны да вуліцы, якія і праз гады засталіся нязменнымі, бо ўспаміны пра яе пакінулі след на ўсё жыццё. Не забыць, як мы ўспрымалі вуліцу, як з ёю сябравалі, лічылі сваёй, настолькі блізкай, што і праз столькі гадоў можам услых гаварыць, не саромеючыся: мы шануем цябе ў памяці, наша мілая вясковая вуліца! Мы памятаем цябе!
Дык як жа ўспрымалі мы яе? Задаю пытанне у першую чаргу самому сабе. Адразу разумею, што складана будзе на яго адказаць, ды яшчэ ў межах толькі гэтай невялічкай замалёўкі.
Тым не менш – паспрабую. Па-першае, успрымалася вясковая вуліца як месца дзіцячай ды падлеткавай волі. Хоць і абмяжоўвалася яна платамі двароў, але ж была нашмат больш прасторнай. Разбегчыся дазваляла – колькі хапала духу ды сілы хлапечай. Мала яе даўжыні ў межах вёскі? Ды глядзі, як яна ляціць з-пад ног за вёску, непрыкметна перацякаючы ў прасёлкавую, лясную ці лугавую дарогу, манячы за сабой. А там ужо няма ні платоў, ні строгіх, усёвідушчых вачэй бацькоў ды суседзяў…
Па-другое, гэта дзіцячыя сябры, аднагодкі. Вуліца збірала нас, аб'ядноўвала, размяркоўвала па невялічкіх ці большых суполках. Вуліца нас знаёміла, некага вылучала, некага прымушала быць больш адкрытым, сумленным, адказным за словы і ўчынкі. Вядома ж, сябры прыходзілі і ў двор, але гэта заўсёды было на хвіліначку. Цягнула нас вуліца з двароў захапляльнай дазволенасцю – пабыць больш дарослымі, больш самастойнымі.
І калі бацькі адпускалі нас са сваіх абдымкаў, ад гнёздаў, вуліца, прымаючы нас літаральна ад веснічак і варот, бегла разам з намі, вывадзіла да дарослага жыцця. Да апошніх хат яна яшчэ слалася пад нашымі нагамі. І нарэшце адстаўшы ад нашага імклівага і акрыленага кроку, яшчэ доўга ляжала ў канцы вёскі, глядзела ўслед, жадаючы наўздагон усяго добрага.
Толькі потым паварочвала яна назад ды бегла, каб сустрэць яшчэ зусім малых нашых братоў ды сястрычак, наступнае пакаленне вясковых дзяцей, якія толькі-толькі пачыналі ступаць сваім ножкамі на яе брук ды пясок, у яе такія цёплыя сяброўскія і шырокія абдымкі.
Уладзімір ЦВІРКА
Ды шмат чаму яна нас вучыла: спрытнасці, кемлівасці, – гартавала ў дзіцячых сутычках і нават больш жорсткіх бойках нашу сілу і вынослівасць. Калі вярталіся дадому з расквашаным носам ці зацёкшым вокам, не скардзіліся на іншых дзяцей, якія табе гэты "фінгал" паставілі. Казалі нешта кшталту "зваліўся з ровара", "стукнуўся ад дрэва ці а вугал". Нейкія бацькі патрабавалі праўды, але хутка разумелі, што нічога не даб'юцца ад свайго гарэзы, і ўпотайку нават ганарыліся, што малы расце не даносчыкам, не слюнцяем.
Нехта, верагодна, успомніць і іншыя прыклады. Былі ж і тыя, якія казалі бацькам усё як было. І тады бацькі прыходзілі да другіх бацькоў, ставілі перад сабой пацярпелых і вінаватых, і цягнулася справа мясцовага значэння, у выніку якой камусьці было не пазбегнуць папругі.
Але ж як дзе – а на нашай вуліцы было выключэннем, каб нехта скардзіўся. Вуліца вучыла нават гэтаму – быць моцным духам і сумленнем, быць адданым сяброўству і сябрам нягледзячы на рэдкія недарэчнасці паміж намі.
Вуліца без папругі, без "нельга" і "трэба". Яна непрыкметна гартавала, вучыла, расціла – рыхтавала нас да больш жорсткага перыяду, да дарослага жыцця, якое ўжо недзе там, за бліжэйшым пагоркам ці за гонямі, нецярпліва чакала нас, такіх розных, выхаваных бацькамі, старэйшымі і, безумоўна, нашай вясковай вуліцай.