Журавель калодзежны

Рыпеў ён амаль нячутна. Шамаценне лістоты на суседніх дрэвах нават пры лёгкім ветрыку магло лёгка перабіць гэтыя кволыя гукі. Можа, журавель так скардзіўся на свой лёс, а мо гэта была ягоная простая песня, якую ён бясконца цягнуў сабе пад свой доўгі нос, не звяртаючы ні на кога ўвагі, нават не імкнучыся, каб нехта гэтую песню пачуў ды прыслухаўся да яе слоў ці нават яе падхапіў, хоць на нейкае імгненне.

А можа, у гэтым рыпенні і блізка не было аніякай скаргі, а песні – тым болей. Мо гэта быў просты, вельмі сціплы расповед пра жыццё жураўля, бадай з самага першага дня. І каб нехта ведаў мову калодзежных жураўлёў, ён бы меў асалоду пачуць з першых вуснаў, калі так можна сказаць, гісторыю жыцця гэтага састарэлага сведкі вясковай мінуўшчыны.

А расказаць жураўлю было што. Вось толькі каму? Каму гэта патрэбна, ды і хто зацікавіцца настолькі, каб прыслухацца да рыпення калодзежнага жураўля? І ён амаль непрыкметна павольна паварочваўся на сваёй адзінай назе, з сумам разглядаючы наваколле: і тое, што ляжала літаральна пад яго жэрдкай-ключом, і нашмат далей, дзе крайнія вясковыя хаты акуналіся ў хвалі высокай-высокай збажыны, якая расцякалася аж да бярозавага гаю і далей, да гарызонту, дзе невялічкая чарада белых аблокаў нахіналася да зялёнага мора палеткаў і лашчыла яго сваімі вельмі пяшчотнымі ды пушыстымі далонямі.
Які ўжо год, якое дзесяцігоддзе журавель глядзеў на ўсё гэта… Як наваколле змянялася, нешта нараджалася, нешта памірала. Нешта з'яўлялася літаральна на імгненне, а нешта затрымлівалася настолькі, што журавель да яго прывыкаў, і вельмі балюча было пасля з ім развітвацца. Але ж жыццё шыбавала няўмольна, незваротна, можа, толькі часам запавольвала свой рух, а часам неслася стрымгалоў.

Усё, як звычайна, пачынаецца з нараджэння. Вось і ў калодзежнага жураўля быў свой дзень, першы дзень існавання. Вельмі добра запомнілася яму імгненне, калі ён упершыню, цвёрда абапіраючыся на сваю толькі што закапаную нагу-апору, павольна і асцярожна нахіліўся ў зруб студні і новым драўляным вядром у жалезных абручах чарпануў празрыстую сцюдзёную ваду. Так гэта спадабалася жураўлю, што захацелася, каб гэты момант доўжыўся бясконца, паўтараўся зноў і зноў. Яшчэ і другое ўразіла жураўля: некаторыя людзі, прыходзячы да калодзежа па ваду, былі настолькі яму ўдзячныя, што, перахрысціўшыся, кланяліся і нават выказвалі сціплыя словы падзякі.

Не, не зазнаўся журавель, не задраў яшчэ вышэй свой драўляны каромысел. Не стаў і скардзіцца на сваю сумную аднастайную працу, якая складалася толькі з некалькіх простых рухаў – нахіляйся ды падымайся. Невялікі перапынак, а потым зноў тое ж самае. Ён, наадварот, стаў больш спагадлівы, цярплівы і нават удзячны за такое патрэбнае і нават адказнае існаванне. Жыць ды быць патрэбным другім – ці гэта не шчасце, не самы галоўны сэнс існавання на гэтай зямлі?
І так атрымлівалася, што толькі адзін журавель меў магчымасць ведаць усе апошнія навіны ваколіцы, сачыць, як набягалі ды знікалі падзеі, здарэнні і выпадкі. Ведаў журавель настолькі многа, што нават навучыўся прадказваць тую ці іншую падзею наперад, на дзень ці нават на болей. А калі можна было прадказваць – значыць, можна было і папярэджваць.

Дык, можа, менавіта пра гэта і рыпеў стары журавель? Можа, ён хацеў папярэдзіць, перасцерагчы ад нечага сваіх блізкіх, і нават ужо яму родных вяскоўцаў… А можа, так яно і было.

Уладзімір ЦВІРКА
І тое, што знаходзілася зусім побач, што віднелася далей, што будавалася, расло, поры года, бліскучая срэбная стужка рэчкі за вёскай, неба, дрэвы… Карацей – увесь гэты свет, які ляжаў вакол жураўля, стаў яму неверагодна блізкі і да дробязей знаёмы.

Але было яшчэ нешта неверагодна чароўнае і захапляльнае для жураўля, нешта, без чаго, здавалася, ён заўтра ж мог бы памерці ад суму. Гэта чалавечыя галасы, такія разнастайныя, недзе смяшлівыя, а недзе настолькі пяшчотныя і кранальныя, што, здавалася, слухаў бы і слухаў іх без перапынку, нават забыўшыся на свой галоўны абавязак. А чалавечыя словы! Якая іх неверагодная колькасць! І адно і тое ж слова можа гучаць і вымаўляцца настолькі па-рознаму, што не толькі калодзежны журавель, але і чалавек, пачуўшы яго, адразу з упэўненасцю не мог сцвярджаць, што разумее гэтае слова так, як меў на ўвазе той, хто яго вымавіў.

Са слоў складалася гаворка, скаргі, лаянкі ды песні. З гэтых самых слоў складаўся цэлы вясковы сусвет навін, якія тут жа неслі да калодзежа, да жураўля. Вядома ж, было гэта ненаўмысна, не спецыяльна для яго, але гэта як неад'емная частка вясковага жыцця – пагаварыць, папляткарыць ля калодзежа.